ПЕ́РШЫ З’ЕЗД ДАСЛЕ́ДЧЫКАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ АРХЕАЛО́ГІІ І АРХЕАГРА́ФІІ.
Адбыўся 17—18.1.1926 у Мінску; каля 60 дэлегатаў і гасцей. Заслухана 12 дакладаў і паведамленняў; 4 з іх надрукаваны ў «Працах Першага з’езда...», змест астатніх прыведзены ў пратаколах з’езда. З дакладамі выступілі: А.М.Ляўданскі, Дз.І.Даўгяла, М.В.Доўнар-Запольскі, М.В.Мялешка, А.А.Спіцын і інш. З’езд прыняў 6 рэзалюцый: «Аб Літоўскай метрыцы», «Аб беларускіх архіўных фондах за межамі БССР», «Аб археалагічных доследах», «Аб музейнай справе», «Аб Цэнтрархіве БССР і яго аддзелах», «Аб вяртанні бібліятэк». Канстатаваў нездавальняючы стан стараж. помнікаў Беларусі і вырашыў падрыхтаваць спец. законапраект аб помніках гісторыі і мастацтва. З’езд звярнуў увагу Інбелкульта на неабходнасць прасіць урад рэспублікі, каб вярнуць на Беларусь бібліятэкі Храптовіча і Полацкай уніяцкай семінарыі, вывезеныя ў Кіеў, б-ку М.Х.Каладзеева па беларусазнаўстве і гісторыі вайны 1812, якая знаходзілася ў Маскоўскім гіст. музеі.
Літ.:
Працы Першага зьезда даследчыкаў беларускае археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г. Мн., 1926;
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Шумейко М.Ф. Собрать рассеянное: О реституции бел. архивов в прошлом и настоящем. Мн., 1997.
М.Ф.Шумейка.
т. 12, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)